ВАХТА́НГ VI

(1675—27.3.1737),

грузінскі паліт. дзеяч, пісьменнік, вучоны. Намеснік, потым цар Картлі ў 1703—12, 1719—24. У знешняй палітыцы арыентаваўся на Расію. Пад яго кіраўніцтвам створаны кодэкс феад. права Грузіі (гл. Вахтанга законы). У 1709 па яго ініцыятыве ў Тбілісі заснавана 1-я груз. друкарня (у 1712 выйшла першае друк. выданне паэмы Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» з навук. каментарыямі Вахтанга). Стварыў камісію вучоных для складання гісторыі Грузіі 14—18 ст. У 1712—19 адхілены ад улады шахам Ірана. Ускладненне знешніх і ўнутр. абставін, няздольнасць процістаяць тур. агрэсіі прымусілі Вахтанга ў 1724 эмігрыраваць у Расію. Выношваў планы вызвалення Грузіі. Паэзіі Вахтанга ўласцівыя патрыят. матывы. Быў таксама лексікографам і перакладчыкам.

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)